«СТАРАЖЫ́ТНЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ ПА ГІСТО́РЫІ ПО́ЛЬШЧЫ, ЛІТВЫ́ І СУСЕ́ДНІХ КРАІ́Н»
(«Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae gentiumque finitimarum historiam illustrantia»),
археаграфічнае выданне дакументаў з Ватыканскага архіва па гісторыі Польшчы і ВКЛ 11—18 ст. Падрыхтавана гісторыкам царквы А.Тайнерам, выдадзена ў 4 тамах у Рыме ў 1860—64. Змешчаны лісты рымскіх пап да каралёў Польшчы і вял. князёў ВКЛ, вял. магістраў Нямецкага ордэна, біскупаў, абатаў і інш. асоб у гэтых краінах, інструкцыі папскім нунцыям у Польшчы і Рэчы Паспалітай і рэляцыі ад іх у Рым, лісты ад манархаў і інш. асоб да рымскіх пап; матэрыялы справаводства Рэчы Паспалітай па рэліг. пытаннях. Матэрыялы выдання асвятляюць становішча каталіцкай царквы ў Польшчы і ВКЛ, увядзенне і ўмацаванне каталіцтва ў Літве, міжнар. адносіны ВКЛ, падрыхтоўку і правядзенне уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі, рэліг. барацьбу ў Рэчы Паспалітай у 16—18 ст., дзейнасць Радамскай, Барскай, Слуцкай, Тарунскай, Таргавіцкай і інш. канфедэрацый. Усяго надрукавана каля 3 тыс. дакументаў, у асн. на лацінскай, італьянскай і французскай мовах. Большасць крыніц надрукавана ўпершыню. Дакументы размешчаны ў храналагічным парадку. Змешчаны геаграфічна-імянныя паказальнікі, архіўныя шыфры, але археаграфічныя каментарыі адсутнічаюць.
т. 15, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)